СФЕРЫ́ЧНАЕ ЛЮСТЭ́РКА,

выпуклае ці ўвагнутае люстэрка, якое мае форму сферычнага сегмента. Разам з лінзамі ўтварае люстрана-лінзавыя аптычныя сістэмы астр., фатагр. і інш. прылад.

Цэнтр сферычнай паверхні, з якой выразана С.л., — аптычны цэнтр люстэрка; любы прамень, што праходзіць праз яго, адбіваецца ад С.л. ў адваротным напрамку. Вяршыня сферычнага сегмента з’яўляецца полюсам люстэрка. Паралельны пучок прамянёў (ці іх працяг) пасля адбіцця ад С.л. збягаецца ў фокусе люстэрка. Выпуклае люстэрка заўсёды дае ўяўны зменшаны відарыс (гл. Відарыс аптычны) аб’екта, увагнутае — уяўны павялічаны відарыс, калі аб’ект знаходзіцца паміж полюсам люстэрка і яго фокусам, сапраўдны павялічаны — калі паміж фокусам і аптычным цэнтрам і сапраўдны зменшаны — калі па-за аптычным цэнтрам. Увагнутыя С.л. выкарыстоўваюцца ў тэлескопах, пражэктарах, устаноўках для зоннай плаўкі і інш.

Пабудова відарыса ва ўвагнутым сферычным люстэрку: C — полюс; F — галоўны фокус; O — аптычны цэнтр люстэрка; AB — аб’ект; A1B1) — яго відарыс.

т. 15, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)